Комментарии нашего нового научного сотрудника и преподавателя Института предпринимательской деятельности Никиты Беляева для газеты «Звезда»

Якія асаблівасці мае бягучая парламенцкая выбарчая кампанія?

Лічаныя суткі застаюцца да дня выбараў. За каго лепей аддаць свой голас? І ўвогуле, як зразумець, што кандыдат у дэпутаты дае не пустыя абяцанні, а сапраўды здольны палепшыць жыццё ў акрузе? Пра гэта і тое, якія асаблівасці мае бягучая парламенцкая выбарчая кампанія, разважае палітолаг Мікіта БЯЛЯЕЎ.

— Ці мае сёлетняя выбарчая кампанія нейкія адрозныя ад папярэдніх рысы?

— Сёлетняя выбарчая кампанія ў параўнанні з мінулай парламенцкай праходзіць ярка і цікава. У межах дыскусійна-аналітычнай супольнасці «Ліберальны клуб» мы праводзілі даследаванне ў 2012 годзе: вывучалі праграмы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. На жаль, вялікая колькасць з іх паўтараліся, а некаторыя былі проста скапіраваны. Цяпер да падрыхтоўкі праграм кандыдаты паставіліся больш адказна, аднак ізноў-такі далёка не ўсе. Сярод асобных заяў усё яшчэ можна пабачыць неактуальныя і папулісцкія праграмы. Але праведзеная праца, асабліва ў параўнанні з папярэднімі парламенцкімі выбарамі, адразу заўважная. Цяпер часцей у праграмах можна пабачыць рашэнні праблем не толькі рэспубліканскага маштабу, але і лакальнага — акруговых. Акрамя таго, з’явіліся агітацыйныя матэрыялы на білбордах. Ёсць параўнальны прагрэс у афармленні інфармацыйных стэндаў і распаўсюджванні лістовак.

Але, на мой погляд, гэтага недастаткова. Усе ж такі дэпутатам на сваёй пасадзе варта праяўляць больш ініцыятывы ў заканадаўчай дзейнасці, адчуваць адказнасць за прынятыя рашэнні. Сёння няпростая эканамічная сітуацыя ў краіне. У яе паляпшэнні могуць адыграць значную ролю менавіта парламентарыі, падзяліўшыся ідэямі ў развіцці краіны і распрацаваўшы адпаведную дарожную карту. Менавіта гэтага і чакаюць ад новага склікання парламента: большай дзейнасці і ідэйнасці.

— Ці актыўней сябе сталі праяўляць партыі?

— Так, сапраўды. Некаторыя паляпшэнні ёсць. Але калі паглядзець на змястоўнасць іх працы, то не заўжды можна казаць пра прарыў. Новых канкрэтных прапаноў, наноў распрацаваных праграм ад партый не паступала. У некаторых з іх нават самі партыйныя праграмы не аднаўляліся шмат гадоў і адлюстроўваюць рэаліі жыцця дзесяці- ці нават дваццацігадовай даўнасці.

— Якія формы агітацыі сёння найбольш распаўсюджаныя і эфектыўныя?

— Досыць эфектыўна маглі б працаваць пікеты, калі б на іх людзям прадстаўляліся актуальныя і адпаведныя рэчаіснасці праграмы і ідэі кандыдатаў. Але часта пікеты робяцца нібыта для «галачкі». Хоць гэта прамая магчымасць для кандыдатаў пагутарыць з выбаршчыкамі, наладзіць з імі кантакт. І тут адказнасць ляжыць перш за ўсё на плячах будучых кандыдатаў: ці атрымаецца расказаць пра свае ідэі так, каб зматываваць чалавека прыйсці на выбарчы ўчастак і аддаць голас менавіта за цябе. Увогуле выбарчая агітацыя ў нас часцей за ўсё заключаецца ў мітынгах ці правядзенні забаўляльных мерапрыемстваў.

— Кожны, несумненна, будзе рабіць выбар сам. Але што б параіў палітолаг выбаршчыкам: на што варта перш за ўсё звяртаць увагу?

— Я б параіў уважліва прачытаць біяграфію кандыдата — той шлях, які ўжо прайшоў чалавек. Але сам кіруюся менавіта праграмай прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла. Бо яна — гэта аснова, ад якой мусіць надалей адштурхоўвацца кандыдат. Дастойны кандыдат у дэпутаты — гэта сімбіёз асобы і ідэі. Звяртаем увагу на шлях — бачым асобу, а пра ідэі можам прачытаць у праграме. Важна, каб ён прадстаўляў інтарэсы жыхароў сваёй акругі і змог прыйсці ў парламент з заканадаўчымі прапановамі.

Источник: zviazda.by