КАЛЯДЫ – самае паэтычнае са старажытных славянскіх святаў, якія захаваліся да нашага часу і адзначаюцца на Беларусі. Гэта першае свята сонца, якому старажытныя славяне шчыра пакланяліся. Каляды бываюць тады, калі дзень робіцца даўжэйшым, а ноч карацейшая, калі сонейка пачынае часцей гуляць па небе, калі прырода паварочвае да цяпла, да вясны. Да Каляд адказна рыхтаваліся: прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і. Да Калядаў стараліся пашыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні. Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць, калі непарадак у гаспадарцы ці ў душы. Вось і зараз стараюцца людзі да новага года дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі, прыбраць жыллё. А вось замест звычайнай у нашыя часы навагодняй яліны асноўным упрыгожаннем хаты таго часу быў сноп збожжа, які ўносілі ў хату ў першы дзень Каляд і трымалі там да апошняга. Замест снапа магла быць і саламяная лялька, якая ўяўляла сабой нованароджаны год.
На Каляды, асабліва ў першы вечар, прынята было збірацца разам, усёй сям’ёй, прычым запрашалі на святкаванне не толькі жывых членаў радзіны, але і продкаў. Лічылася, што яны разам з усімі садзяцца за стол, калі спадабаецца ім вячэра, абавязкова “замовяць слоўца” і дапамогуць жывым ва ўсіх істотных справах.
Людзі на Каляды многа спяваюць, весяляцца, пераапранаюцца, ходзяць па хатах, віншуюць гаспадароў. У кожнай хаце чакаюць калядоўшчыкаў. Гаспадыня засцілае белым абрусам стол, рыхтуе смачныя стравы і розныя прысмакі ім у падарункі. А да каго Каляда не завітае, таго шчасце не напаткае, бо лічылася, як сустрэнеш калядны навагодні вечар, такі будзе і ўвесь год.
13 студеня 2015 года нашы студэнты сумесна з выкладчыкамі зладзілі калядную вечарыну ў Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці. Удзельнікі мерапрыемства творча і, разам з тым, не адыходзячы ад нацыянальных традыцый, прадэманстравалі калектыву, што такое калядаванне па-беларуску.
На свяце былі і калядоўшчыкі, і традыцыйнае “паміранне” казы, і цыган з цыганкаю, і чорт, і ведзьма. Акрамя таго, выступаючыя актыўна ўключаліся ў прапанаваныя ім карагоды.
Так прыгожа студэнты і выкладчыкі спявалі калядныя песні, распавядалі калядныя вершы!
Хтосьці з прысутных успамінаў мінулыя гады, дзяцінства, калі так жа цікава праходзілі Калядкі, а хтосьці ўпершыню ўбачыў такое свята.
А як прыветна сустракаў калядоўшчыкаў гаспадар Лявон са сваёй гаспадыняй Лявоніхай! Якіх толькі пачастункаў на стале ў іх не было: і куцця, і бліны, і пірагі!..А хатка ях хораша была прыбрана!
Апошні карагод – і ўсе з усмешкамі на тварах і падзякамі разышліся па дамах.
Ці не багатая гісторыя нашай краіны? Так, вельмі багатая. Цудоўную культуру і традыцыі зберагло старэйшае пакаленне для нас. Дык давайце ж не забывать родную спадчыну нашага народа, а будзем і надалей перадаваць яе нашым дзецям і ўнукам!
Жыве гісторыя – жыве і народ!