Навуковае супрацоўніцтва з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам

Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці прыняў удзел у працы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Ахова і папулярызацыя культурнай спадчыны: сусветны і айчынны вопыт”, якая прайшла 22-23 кастрычніка 2021 года ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце.

У якасці арганізатараў канферэнцыі выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Віцебскі абласны выканаўчы камітэт (упраўленне культуры). Непасрэдным арганізатарам навуковага форуму выступіла кафедра гісторыі і культурнай спадчыны факультэта гуманітарыстыкі і моўнай камунікацыі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У канферэнцыі прынялі ўдзел айчынныя і замежныя даследчыкі, практычныя работнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.

На пасяджэннях канферэнцыі адбылося зацікаўленае абмеркаванне навуковых выступленняў па гістарычных, юрыдычных і іншых аспектах аховы і папулярызацыі культурнай спадчыны. Па запрашэнні рэктара Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Багатыровай Валянціны Васільеўны ўдзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць разгляду адпаведнай праблематыкі на базе музея, аддзела рэдкай кнігі, сучасных навуковых і навукова-практычных лабараторый, мастацкіх экспазіцый факультэтаў універсітэта, які з’яўляецца адным з прызнаных лідэраў універсітэцкай адукацыі. Пры непасрэдным удзеле ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ўдзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з рэгіянальным вопытам аховы і папулярызацыі культурнай спадчыны. Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці на канферэнцыі прадставіў дэкан факультэта эканомікі і бізнесу, к.гіст.н., дацэнт Дашкевіч Аляксандр Леанідавіч.

У межах абмеркавання праблематыкі канферэнцыі атрымалі развіццё навуковыя і дзелавыя кантакты з выкладчыкамі і супрацоўнікамі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, іншых навучальных установаў, прадстаўнікамі дзяржаўных органаў.

Выказваем удзячнасць паважаным калегам за высокі ўзровень арганізацыі і правядзення значнага навуковага форума!